Школа Гарона – светач мудрасці і дабра
Светлай памяці
Гарона
Валянціна Цімафеевіча
прысвячаецца
Жыццё бяжыць хутка, і людзі, якія былі або ёсць з намі побач, пакідаюць у ім пэўны след. Няважна, хто гэта – блізкі вам чалавек, былы настаўнік, кіраўнік, з якім звёў лёс.
Для тых, хто ў свой час вучыўся ў Свірскай сярэдняй школе ці працаваў у ёй, заўсёды ярка будзе вылучацца імя Валянціна Цімафеевіча Гарона, былога дырэктара школы. Чалавека вельмі моцнага па характары, неардынарнага ў тым плане, што нават у гады тагачаснага аднагалосся ён меў свой уласны погляд, прычым дальнабачны. Мог мужна, калі гэта было неабходна, выказаць сваё меркаванне, і такое дакладнае, што мудрасці яго разважанняў даводзілася толькі здзіўляцца. І калі б хаця часткова сабраць іх, то атрымалася б кніга вельмі глыбокіх афарызмаў. У яго выказваннях гучала шчырая і часам суровая праўда. І, разам з тым, высвечвалася пачуццё добрага чалавечага гумару, якое падбадзёрвала, дазваляла з аптымізмам вучыцца, працаваць. Менавіта пад яго кіраўніцтвам у школе выкладалі тыя настаўнікі, якія пакінулі ў гісторыі навучальнай установы вельмі добры, памятны след. Пералічваць іх імёны складана, каб не пакрыўдзіць кагосці забыццём. І калі на педагагічных саветах часам і былі нейкія разнагалоссі, аднак над усім гэтым гоманам, як бы падводзячы мудрую выснову, завяршальна гучаў важкі голас дырэктара. Канкрэтна вырашаліся і канфліктныя пытанні, калі такія ўзнікалі, паміж вучнямі і настаўнікамі, прычым вельмі справядліва і памяркоўна. І калі з боку настаўніка чуліся словы “вось пойдзеш зараз да дырэктара”, то гэта не адзначала, што кабінет кіраўніка школы ператвараўся для вучня ў нешта страшнае, наадварот, гэта была часцей псіхалагічная разгрузка, калі зноў жа гучала важкае слова разумнага педагога, сапраўднага псіхолага.
Вельмі цаніў Гарон людзей моцных, трывалых духоўна. Каб падтрымаць калегу ці вучня ў складаных сітуацыях, ён часта прыводзіў прыклады, як асобы, абдзеленыя лёсам фізічна ці па збегу жыццёвых абставін, дзякуючы сваёйсіле, волі змаглі дасягнуць у жыцці вельмі многага ў самым высокім сэнсе гэтага слова. Выступленні на настаўніцкіх канферэнцыях, на пасяджэннях Свірскага пассавета, зноў жа вызначаліся сцісласцю і важкасцю выказванняў.
Біяграфія гэтага мудрага чалавека пачынае свой адлік з 24 кастрычніка 1934 года. Менавіта тады ў весачцы Крынкі Карэліцкага раёна Гродзенская вобласці ў сям’і Гаронаў з’явіўся на свет сын Валянцін. У 1952 годзе ён скончыў сярэдняю школу і паступіў у Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага на літаратурны факультэт. І пачалася педагігчная дзейнасць: Шэметаўская сямігадовая, Сыраваткінская васьмігадовая, Вішнеўская сярэдняя, Смаргонская сярэдняя №2 школы. У 1967 годзе быў празначаны дырэктарам Свірскай СШ, дзе працаваў да выхаду на пенсію: і настаўнікам, і дырэктарам. Але, як казаў сам Вялянцін Цімафеевіч, работа настаўніка яму заўсёды падабалася значна больш, чым дырэктарская. Менавіта таму яго жыццёвым крэдам шмат год запар з’яўляліся словы: “ Дзяцей трэба вучыць, даваць гатовыя ісціны”.
Урокі Гарона, а ён выкладаў гістрыю і грамадазнаўства, таксама добра памятаюцца. Яны былі для яго былых вучняў любімымі і вельмі цікавымі.
Працоўная дзейнасць таленавітага, мудрага педагога налічвае 48 год. З іх 32 – ён прысвяціў стварэнню нашага дома, нашай школьнай сям’і. Запаліў святло, да якога і зараз цягнуцца людзі, якое сагравае і аб’ядноўвае чалавечыя душы…
І застаецца непарушнай тая ісціна, што школа Гарона – гэта школа выдатнай чалавечай загартоўкі, светач мудрасці і дабра. Пры гэтым згадваецца высокая постаць дырэктара, яго позірк – удумлівы, разважлівы, дальнабачны.