Не дапусцім пажараў ў лесе!
Асноўнымі паражаючымі фактарамі лясных і тарфяных пажараў з’яўляюцца агонь і высокая тэмпература, а віноўнікам загаранняў становіцца чалавек, яго неасцярожнасць пры карыстанні агнём у час работы і адпачынку. Большасць пажараў узнікае ў выніку спальвання мінулагодняй расліннасці, смецця, у месцах пікнікоў, збору грыбоў і ягад, у час палявання, ад кінутай незатушанай запалкі ці цыгарэты. Загаранне таксама можа ўзнікнуць і ад кінутай шкляной бутэлькі, дакладней кажучы, ад сонечнага промня, які факусіруецца ў асколках шкла.
Статыстыка лясных пажараў паказвае, што іх колькасць павялічваецца ў выхадныя, калі людзі накіроўваюцца адпачываць на прыроду. Вось чаму хочацца нагадаць: адпраўляючыся на прыроду,праяўляйце акуратнасць, ахоўвайце лес ад пажару.
Памятайце: месцы для развядзення вогнішча вызначаюцца і абазначаюцца толькі работнікамі лясной гаспадаркі. А вось развядзенне вогнішча ў неабазначаным месцы з’яўляецца парушэннем правілаў пажарнай бяспекі і караецца штрафам нават тады, калі гэта не стала прычынай ляснога ці тарфянога пажару.
Пры гарэнні торфу ўзнікае небяспека падземных пажараў, якія распаўсюджваюцца ў розныя бакі. Здольнасць торфу самазагарацца і гарэць без доступу паветра нават пад вадой уяўляе вялікую небяспеку. Над тарфяннікамі, якія гараць, магчыма ўтварэнне “слупавых завіхрэнняў” гарачага попелу і тарфянога пылу, якія пры моцным ветры пераносяцца на вялікія адлегласці і выклікаюць новыя загаранні.
Асобы, вінаватыя ў парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, у залежнасці ад характару парушэнняў і наступстваў, могуць быць прыцягнуты да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці.
Калі вы выявілі пажар – пастарайцеся яго патушыць самі. Іншы раз дастаткова затаптаць полымя, засыпаць яго пяском. Калі ж самастойна гэта зрабіць не ўдаецца, неадкладна тэлефануйце выратавальнікам па нумары 101 ці 112.
Тут неабходна таксама нагадаць, што рабіць, калі аказаліся ў непасрэднай блізкасці ад пажару ў лесе ці на тарфяніку? Выходзьце на дарогу, прасеку ці да берага ракі перпендыкулярна накірунку руху агню. Выйшаўшы на адкрытую прастору, дыхайце чыстым паветрам ля зямлі. Ррт і нос прыкрыйце мокрай анучкай, насоўкай. Калі няма адкрытых участкаў, то крочце на ўчастак лісцевага лесу, ён, у параўнанне з хваёвым, слаба гарыць. Калі немагчыма ўцячы ад пажару, зайдзіце ў ваду ці накрыйцеся мокрым адзеннем. Заўсёды памятайце, што ваша бяспека – у Вашых руках!