МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ МИНИСТЕРСТВО ОБРАЗОВАНИЯ
РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
ПАСТАНОВА ПОСТАНОВЛЕНИЕ
8 жніўня 2022 г. № 234
г.Мінск г.Минск
Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб атэстацыi ў парадку экстэрнату |
На падставе пункта 4 артыкула 159 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб адукацыi Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь
ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзiць Інструкцыю аб атэстацыi ў парадку экстэрнату (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сiлу з 1 верасня 2022 г.
Міністр адукацыі А.І.Іванец
УЗГОДНЕНА
Міністэрства фінансаў
Рэспублікі Беларусь
Брэсцкі абласны
выканаўчы камітэт
Віцебскі абласны
выканаўчы камітэт
Гомельскі абласны
выканаўчы камітэт
Гродненскі абласны
выканаўчы камітэт
Мінскі абласны
выканаўчы камітэт
Магілёўскі абласны
выканаўчы камітэт
Мінскі гарадскі
выканаўчы камітэт
ЗАЦВЕРДЖАНА
Пастанова
Мiнiстэрства адукацыi
Рэспублiкi Беларусь
08.08.2022 № 234
IНСТРУКЦЫЯ
аб атэстацыі ў парадку экстэрнату
1. Дадзеная Iнструкцыя вызначае парадак правядзення атэстацыi ў парадку экстэрнату.
2. Атэстацыя ў парадку экстэрнату праводзіцца дзяржаўнай установай агульнай сярэдняй адукацыі. Дзяржаўныя ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, якія праводзяць атэстацыю ў парадку экстэрнату (далей – установа адукацыі), вызначаюцца структурным падраздзяленнем мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, які ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі (далей – аддзел (упраўленне) адукацыі).
3. Заява i дакументы для прыняцця рашэння аб допуску асобы да атэстацыi ў парадку экстэрнату, прадугледжаныя часткай першай пункта 3 артыкула 159 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб адукацыi (далей, калi не вызначана iншае, – дакументы), падаюцца ў аддзел (упраўленне) адукацыі з 3 студзеня па 25 красавіка.
Пасля тэрміну, устаноўленага часткай першай дадзенага пункта, дакументы для прыняцця рашэння аб допуску асобы да атэстацыi ў парадку экстэрнату прымаюцца аддзелам (упраўленнем) адукацыі пры наяўнасцi ўважлiвых прычын пропуску ўстаноўленага тэрмiну падачы дакументаў, пацверджаных дакументальна (прызыў на тэрмiновую ваенную службу або звальненне з тэрмiновай ваеннай службы па заканчэннi тэрмiну ваеннай службы па прызыве, службовая камандзiроўка, па стане здароўя, iншыя прычыны).
4. Атэстацыя ў парадку экстэрнату праводзіцца ў маі – ліпені. Пры падачы заявы аб допуску асобы да атэстацыi ў парадку экстэрнату пасля 25 красавіка такая атэстацыя можа праводзіцца ў іншы тэрмін, які вызначаецца аддзелам (упраўленнем) адукацыі. Тэрмін праходжання атэстацыі ў парадку экстэрнату па выніках засваення зместу адукацыйнай праграмы сярэдняй школы павінен супадаць з тэрмінамі праходжання выніковай атэстацыі.
5. Аддзел (упраўленне) адукацыі разглядае дакументы, якiя паступiлi, i на працягу пяці каляндарных дзён:
вызначае вучэбныя прадметы, модулі, па якiх асобе неабходна здаць экзамены, прайсці выніковыя іспыты па асобных вучэбных прадметах, модулях;
вызначае вучэбныя прадметы, модулі, па якіх адзнака выстаўляецца з даведкі аб навучанні;
накiроўвае ва ўстанову адукацыi рашэнне аб допуску асобы да экзаменаў, выніковых іспытаў па асобных вучэбных прадметах, модулях разам з дакументамі, пададзенымі асобай;
паведамляе асобу аб допуску да атэстацыi ў парадку экстэрнату або аб адмове. Адмова ў допуску да атэстацыі ў парадку экстэрнату павінна быць матываванай.
6. Кiраўнiк установы адукацыi на падставе рашэння аддзела (упраўлення) адукацыі:
выдае загад аб прыняцці (залiчэннi) ва ўстанову адукацыі асобы для праходжання атэстацыі ў парадку экстэрнату;
зацвярджае расклад правядзення экзаменаў, выніковых іспытаў па асобных вучэбных прадметах, модулях, якi даводзiцца да ведама экстэрна не менш чым за пяць каляндарных дзён да пачатку экзаменаў, выніковых іспытаў;
стварае ўмовы для праходжання экстэрнамі выніковай атэстацыі.
7. Атэстацыя ў парадку экстэрнату скдадаецца з выстаўлення экзаменацыйных адзнак па вучэбных прадметах, модулях тыпавога вучэбнага плана базавай школы пры засваенні зместу адукацыйнай праграмы базавай адукацыі, тыпавога вучэбнага плана сярэдняй школы пры засваенні зместу адукацыйнай праграмы сярэдняй адукацыі, па якіх экстэрн здае экзамены, адзнак па выніках праходжання выніковых іспытаў па асобных вучэбных прадметах, модулях і (ці) адзнак з даведкі аб навучанні.
8. Пералік вучэбных прадметаў, модуляў, па якіх праводзяцца выніковыя іспыты па заканчэнні навучання і выхавання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі, на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі, віды, формы i тэрмiны іх правядзення, у тым ліку асноўны і іншыя тэрміны, рэзервовыя дні правядзення цэнтралізаваных экзаменаў устанаўліваюцца ў парадку, прадугледжаным часткай другой пункта 3, часткай другой пункта 4 артыкула 161 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб адукацыі.
9. Экзамены па беларускай мове, рускай мове, матэматыцы праводзяцца ў пісьмовай форме.
Кантрольна-вымяральныя матэрыялы для экзаменаў у пісьмовай форме па вучэбных прадметах, модулях складаюцца аддзеламі (упраўленнямі) адукацыі на аснове тэкстаў, якія змешчаны ў зборніках экзаменацыйных матэрыялаў па адпаведным вучэбным прадмеце.
Экзамены па вучэбных прадметах у вуснай форме (у спалучэнні вуснай і практычнай формах) праводзяцца па білетах для правядзення экзаменаў у парадку экстэрнату.
10. Атэстацыя ў парадку экстэрнату праводзіцца ў адпаведнасці з пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 11 ліпеня 2022 г. № 184 ”Об аттестации учащихся при освоении содержания образовательных программ общего среднего образования“.
11. Пры атэстацыi ў парадку экстэрнату:
адзнака па вучэбным прадмеце, модулі выстаўляецца з даведкi аб навучаннi, калi ў даведцы аб навучаннi па гэтым вучэбным прадмеце, модулі выстаўлена станоўчая адзнака;
атэстацыя па вучэбных прадметах ”Фiзiчная культура i здароўе“, ”Працоўнае навучанне“ па выніках засваення зместу адукацыйнай праграмы базавай адукацыі, атэстацыя па вучэбных прадметах ”Фiзiчная культура i здароўе“, ”Дапрызыўная i медыцынская падрыхтоўка“ па выніках засваення зместу адукацыйнай праграмы сярэдняй адукацыі праводзiцца па жаданнi экстэрна. Калi па гэтых вучэбных прадметах экстэрн не праходзiць атэстацыю, то ў пасведчаннi аб агульнай базавай адукацыi або атэстаце аб агульнай сярэдняй адукацыi робiцца запiс: ”не вывучаў(ла)“.
Атэстацыя па вучэбным прадмеце ”Працоўнае навучанне“ па выніках засваення зместу адукацыйнай праграмы сярэдняй адукацыі не праводзіцца. У атэстаце аб агульнай сярэдняй адукацыi робiцца запiс: ”не вывучаў(ла) “.
12. Экстэрну, якi паспяхова прайшоў атэстацыю ў парадку экстэрнату, на падставе рашэння кiраўнiка ўстановы адукацыi выдаецца дакумент аб адукацыi.