Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Живая память поколений

Дата: 4 апреля 2017 в 16:35, Обновлено 6 мая в 15:34

        З куляй у лёгкіх

Байка Эдуард Зыдоравіч нарадзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Лукашэвічы, працаваў на сельскай гаспадарцы. У жніўні 1944 года стаў салдатам Войска Польскага. Яго баявы шлях праходзіў ад Беластока праз Варшаву і Берлін ажно да Одэра. 27.04. 1945 быў цяжка  паранены ў грудзі.

         Пасля дэмабілізацыі  працаваў тэхработнікам у Лукашэвіцкай школе,  беражліва захоўваў ветэран медаль “За ўзяцце Берліна”. Яна – памяць пра баявых сяброў, разам з якімі ішоў у атаку. Памяць пра тых, хто застаўся назаўсёды на чужой зямлі, пяць крокаў не дайшоў да Перамогі. Ён быў вельмі добрым спецыялістам па вырабу самагону. Не для нажывы, а для сваіх патрэб.

–Прайшло ўжо два дзесяткі гадоў пасля вайны, а мне ў грудзях ад ранення ўсё яшчэ пабальвае,–успамінаў ветэран.– Мне стукнула сорак, а многае памятаю, быццам было тое толькі ўчора. Асабліва дзяцінства, якое прайшло ў вёсцы Лукашэвічы. І цяпер у памяці  простыя гульні дзяцей, зімы, калі сумёты да пояса. Я люблю вясковую цішыню і першародную бель снегу, люблю ўсё чыстае і светлае. А вайна…Лепш не ўспамінаць.

         Загінуў Эдуард Зыдоравіч недарэчна ў час аварыі ў вёсцы Лушчыкі ў 1965   годзе. Пры ўскрыцці знайшлі ў лёгкіх кулю, якую насіў з часоў вайны і якая напамінала яму пра сябе... Пахаваны на Лукашэвіцкім магільніку. З жонкай Сабіняй выгадаваў трое дзяцей: Януся, Казіміра і Лілю .

      Кавалер сярэбранага крыжа “Virtuti military

Емельян Міхаіл Міхайлавіч (24.12.1923–03.11.1995) нарадзіўся ў вёсцы Камарова ў сям’і вясковага каваля. Да вайны скончыў 7 класаў Куцькаўскай школы. У жніўні 1944 года стаў салдатам Войска Польскага. Яго баявы шлях праходзіў ад Беластока праз Варшаву і Берлін ажно да Одэра. 27.04. 1945 быў паранены ў нагу. Вось адзін эпізод з яго ўспамінаў ваеннай пары:

–16 красавіка 1945 года нашае падраздзяленне падрыхтавалася фарсіраваць Одэр. Штурм быў прызначаны на раніцу. Артпадрыхтоўка працягвалася дзве гадзіны, бамбіла авіяцыя. Пад прыкрыццем агню мы на гумовых лодках пераплылі раку. Уцалелыя варожыя кропкі пачалі страляніну, але ўжо нішто не магло стрымаць імклівага наступлення: мінуты штурму–і бераг наш. Ля Одэра сустрэліся з саюзнікамі, дзе ўпершыню ўбачыў цёмнаскурых амерыканскіх салдат.

На сваю малую радзіму вярнуўся з польскімі баявымі ўзнагародамі: самым ганаровым польскім ваенным ордэнам сярэбраным крыжам ордэна Віртуці Мілітары (Virtuti Militari), якім узнагароджвалі ваеннаслужачых, праявіўшых мужнасць і гераізм на полі бою; медалём “За Одру-Нісу-Балтыку”, (Za Odre, Nyse i Baltyk) як удзельніку баёў на Одры, Нісе і пабярэжжы Балтыйскага мора ў перыяд з сакавіка па красавік 1945 года ў саставе 1-й і 2-й армій Войска Польскага, а таксама медалём “Абаронцам-воінам-вызваліцелям. За Варшаву”, “Пераможцам 03. 1945 –04. 1995“, “Перамога і Свабода. 09.05.1945 г.”, Знакам “1460 – 1945. Грунвальд. Берлін”, ордэнам “Вялікай Айчыннай вайны 1-й ступені”, медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг". Пасля дэмабілізацыі атрымаў восем юбілейных медалёў.

         Вайна закончылася. Наперадзе чакалі мір і праца па аднаўленні разбуранай гаспадаркі. У бітве за Берлін быў цяжка паранены, з’яўляўся  інвалідам Вялікай Айчыннай вайны. Працаваў галоўным бухгалтарам саўгаса “Канстанцінава”. Гэта быў кампетэнтны, адказны і працавіты чалавек. Яго старанні адзначаны юбілейным медалём “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-гадовага юбілею з дня нараджэння У.І. Леніна”, Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР, Граматамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама. Персанальны пенсіянер выгадаваў чацвёра дзяцей. Рэгіна–выкладчык фізікі ў Ваўкавыску, Міхаіл–інжынер-тэхнолаг, Ірына–бухгалтар-эканаміст (горад Вільня Літва), Нэлі–харэограф Валчынскай СШ

Яму вучаніца 8-га класа (1980) Урублеўская Галя прысвяціла верш.

За то, чтобы сады цвелі весною,

І рожь желтела там, где рос бурьян,

Прошёл войну дорогой фронтовою

Земляк орденоносец Емельян.

     Выканаўца старынных рамансаў

Ескавіч Станіслаў Канстанцінавіч нарадзіўся 9 студзеня 1923 года ў вёсцы Куцькі ў сям’і селяніна. У 1937 годзе скончыў чатыры класы польскамоўнай агульнаадукацыйнай Куцькаўскай школы. Летам 1935 года працаваў падсобным рабочым пры ўзвядзенні новага будынка Куцькаўскай школы. У 1940 годзе сям’я ўступіла ў калгас. У 1940-42 гадах скончыў 6 клас беларускай школы. У час акупаццыі знаходзіўся дома, дапамагаў бацьку па гаспадарцы.

  Калі Чырвоная Армія вызваліла Свіршчыну, пайшоў у армію, служыў стралком на санітарным поездзе.

–Служба на санітарным цягніку цяжкая і вельмі небяспечная. Ваенна-санітарны іцягнік уяўляў сабой цэлы чыгуначны састаў, прымеркаваны для эвакуацыі і аказання медыцынскай дапамогі раненым у ходзе баявых дзеянняў. Цягнік меў акрамя вагонаў-палат для раненых і дапаможныя аперацыйныя вагоны, аптэку, кухню. Многа жыццяў савецкіх салдат выратавалі ваенна-санітарныя цягнікі, але з-за сваіх памераў былі добрай мішэнню фашыстам.

Хаця на сценах і дахах вагонаў меліся знакі Чырвонага Крыжа– вялікія чырвоныя  крыжы, выдатна бачныя і з зямлі і неба, але гэта не заўсёды абараняла ад налёту фашысцкіх самалётаў. Заўважыўшы санітарны цягнік гітлераўскія асы абрушвалі на яго бомбы. Калі гэта здаралася ў лесе, то можна было неяк выратавацца, прыхіліўшыся да дрэў, хаваючыся ў кюветы, а калі нападалі на адкрытай мясцовасці, то ахвяр было шмат.

Памятаецца выпадак, калі пасля бамбёжкі ўсе сабраліся ў цягнік, занеслі раненых і раптам зноў паявіліся гітлераўскія сцярвятнікі і пачалі расстрэльваць цягнік. Праўда,на платформах у галаве і хвасце эшалонаў меліся зеніткі, якія адпужвалі налётчыкаў, але цалкам забяспечыць ад налётаў не маглі. Хаця я быў у ахове, але прыходзілася быць і санітарам, і афіцыянтам, і донарам.

За ваенную службу ўзнагароджан баявым медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчанный вайне 1941-1945 гг.” і пяццю юбілейнымі медалямі.

У 1946 годзе дэмабілізаваўся, дапамагаў бацьку па гаспадарцы. У 1949 годзе скончыў Свірскую школу механізацыі і працаваў трактарыстам Свірскай МТС. У 1954 годзе звольнены па скарачэнні штатаў і стаў працаваць слесарам- мантажнікам у саўгасе “Свір”. У 1980 годзе Станіслава Канстанцінавіча накіравалі на курсы брыгадзіраў пры Свірскай школе механізацыі, пасля чаго стаў працаваць інструктарам, потым майстрам вытворчага навучання Свірскага прафтэхвучылішча.

Яшчэ ў час вучобы ў першым класе праявіў спявацкія злольнасці. Гэта заўважыў настаўнік Кульчыцкі Эміль Пятровіч і працаваў над развіццём гэтых здольнасцей.

Станіслаў пад акампанент скрыпкі на кожным школьным канцэрце выконваў пад "біс" па некалькі песень. Працаваў настаўнік з ім і пасля заканчэння школы, навучыў яго выконваць і больш складаную музычна-песенную форму—раманс. Станіслаў Канстанцінавіч меў аксамітны, задушэўна-хвалюючы задумлівы голас, нават у пажылым узросце артыстычна выконваў старынныя рамансы. Вельмі начытаны быў чалавек, любіў паэзію А. С.Пушкіна, А. Міцкевіча, Я. Купалы, Я. Коласа, ведаў шмат вершаў на памяць, якія па-мастацку дэкламаваў.

 На Зеелаўскіх вышынях

Кавалеўскі Вікенцій Міхайлавіч нарадзіўся 14 сакавіка 1910 года ў вёсцы Нядрошля Астравецкага раёна. У 1941 годзе  яго прызвалі ў Чырвоную Армію  на ваенныя зборы, якія праходзілі каля горада Гродна. Прызваным на зборы зброі не выдалі, салдаты займаліся страявой падрыхтоўкай і будавалі ўмацаванні. Пачалася вайна.

Вікенцій Міхайлавіч успамінаў:

–З першых дзён вайны наша воінская частка пад Гроднам вяла абарончыя баі, супраціўленне ворагу аказвалі  салдаты абавязковай воінскай службы, якія мелі зброю. Сілы былі не роўныя. Мяне  кантузіла, трапіў у палон. Палонных немцы трымалі на полі за калючым дротам. Мы  галадалі, многія хварэлі. У Гродне немцы выкарыстоўвалі нас на будаўніцтве аэрадрома. 16 ліпеня 1944 года Чырвоная Армія пачала вызваленне Гродна, немцам стала не да ваеннапалонных і мы разбегліся. Я вярнуўся дадому. У верасні 1944 года быў  мабілізаваны ў армію і служыў у пяхоце шараговым, прымаў удзел у штурме Берліна.

–Наступленне на Берлін пачалося 16 красавіка 1945 года,– успамінаў Вікенцій Міхайлавіч.– Яшчэ вакол быў  змрок і туман, як раптам загрымела магутная артылерыйская кананада. Цяжкія бомбавыя ўдары нанесла авіяцыя. Нямецкія абарончыя пазіцыі пакрыліся суцэльным полымем выбухаў. Калі артылерысты перанеслі агонь у глыбіню абароны, адразу ж успыхнулі дзесяткі моцных пражэктараў. Немцы былі аслеплены і не маглі весці прыцэльны агонь. Наша падраздзяленне займала пазіцыю на Кюстрынскім плацдарме. Адсюль да Берліна было 60 кіламетраў. На гэтым кірунку супраціўленне гітлераўцаў было асабліва ўпартым. Цяжкі бой разгарэўся на Зеелаўскіх вышынях, якія былі ператвораны немцамі ў найважнейшы вузел абароны са шматлікімі дотамі і дзотамі. Але і тут вораг утрымаўся нядоўга. Ужо 20 красавіка нашы перадавыя падраздзяленні перасяклі аўтастраду, а праз два дні праціўніка выбілі з некалькіх прыгарадаў сталіцы. Баі перанесліся непасрэдна ў Берлін. Прыйшлося прымаць удзел у рукапашным баі, які  працягваўся за лесвіцы, за пакоі, за падвалы. 2 мая берлінскі гарнізон склаў зброю і здаўся. Нязвыклая мёртвая цішыня ўсталявалася на вуліцах, па якіх чырвонаармейцы канваіравалі палонных. 9 мая з нагоды канчатковай перамогі над фашысцкай Германіяй у нашай частцы адбыўся стыхійны мітынг. Салдаты з усіх відаў зброі халастымі стралялі ў паветра.

Вікенцій Міхайлавіч узнагароджаны медалём “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне ў 1941-1945гг і пяццю юбілейнымі медалямі.

Пасля дэмабілізацыі прыйшоў на дом у вёску Куцькі, працаваў у саўгасе, з жонкай Станіславай выгадавалі дачку Чаславу, якая працуе ў горадзе  Вільнюс ( Літва). Памёр у 1997 годзе.

Сведка легендарнай сустрэчы  

         Лапашынскі Іван Міхайлавіч нарадзіўся 12 ліпеня 1908 года ў вёсцы Нарэйшы. Абавязковую ваенную службу праходзіў у Войску Польскім. Да вайны працаваў на сельскай гаспадарцы. У 1944 годзе дабравольцам пайшоў у Войска Польскае, служыў у пяхоце кулямётчыкам, меў воінскае званне малодшага сяржанта, пасведчанне ветэрана №973956. Фарсіраваў Эльбу. У квітнеючым, поўным радасці і шчасця маі Іван Міхайлавіч быў сведкам легендарнай сустрэчы саюзных войскаў на Эльбе. Пасля Перамогі камандаванне прапанавала Івану Міхайлавічу звязаць лёс з ваеннай справай.

–Ты добры салдат, табе лёгка даецца любая навука, умееш ладзіць з людзьмі! – агітавалі афіцэры.

         Чаму не паддаўся на ўгаворы, Іван Міхайлавіч любіў паразважаць:

– Селянінам нарадзіўся – селянінам гэты свет і пакіну. Зямля – наш галоўны скарб, таму і баранілі ад ворага, не шкадуючы ні сіл, ні самога жыцця. Не наракаю на лёс, што менавіта нашаму пакаленню выпала столькі выпрабаванняў, цешуся надзеяй, што мы аплацілі за мірнае жыццё нашчадкаў на многія стагоддзі наперад.

          Меў узнагароды:”За ўзяцце Берліна”, “За адвагу” і тры юбілейныя медалі. Пасля вайны працаваў у калгасе ”Рассвет”(Мядзельскі раён) бухгалтарам,брыгадзірам, выгадаваў двое дзяцей: Галіну і Марыю.

    Не адступай! Бі прыцэльным агнём!

Марачэўскі Іван Пятровіч (1922–2000) нарадзіўся ў вёсцы Куцькі, скончыў 6 класаў Куцькаўскай паўшэхнай (агульнаадукацыйнай) польскай школы і працягваў працаваць з бацькам на сельскай гаспадарцы.

1939 год. У Камарове ўсталявалася савецкая ўлада, адкрыліся пры МТС курсы трактарыстаў. Іван Пятровіч паспяхова закончыў іх і ўладкаваўся працаваць брыгадзірам трактарнай брыгады, якая абслугоўвала калгасы ў Камарове і Падольцах.

Нямецкая акупацыя. Калгасы распушчаны. Іван зноў працаваў з бацькам на зямлі. Але займацца мірнай працай не выпала: акупанты летам 1943 года вывезлі хлопца на прымусовыя работы аж у Калінінскую вобласць. Прыйшлося пад канвоем працаваць на ворага: капаць катлаваны пад бліндажы, цягаць бярвенні, класці цэглу.

–Уцёкі,–успамінаў Іван Пятровіч,– амаль выключаліся: па-першае, вартавыя былі з ваўкадавамі, па-другое, калі хто з брыгады ўцякаў–усіх астатніх растрэльвалі. Так працавалі да верасня 1943 года.. Знясіленыя ад цяжкай працы і дрэннага сталавання, мы пачулі ад немцаў радасную вестку:“Нах хаус”–“дадому”. Нам выдалі па 8 кілаграмаў сухароў і пасадзілі на цягнік, які рушыў на захад. Канваірамі былі прызначаны франтавікі-інваліды. Праехалі Расію, Беларусь, а нас дадому адпускаць і не збіраюцца. Мінаем Беласток. Стала зразумелым, што вязуць у Германію.

З сябрам па імені Юзаф вырашылі ўцячы. За Беластокам, калі ля паўстанка Лапы цягнік прыпыніў ход, мы выскачылі з вагона і скаціліся пад адхон. Вырашылі ісці на яго радзіму ў Камаровы Асады Замосціўскага ваяводства. Яго бацькі жылі ў леснічоўцы, і там было зручна перахавацца да канца вайны. Два месяцы дабіраліся да Камаровых Асад, ішлі больш ноччу і палявымі дарогамі, каб не трапіць у рукі немцам. У лістападзе прыбылі-такі ў Камаровы Асады. Аднак тут чакала расчараванне: немцы леснічоўку спалілі, бо тут мелі прытулак партызаны.

Праз родзічаў Юзэф звязаўся з партызанскім атрадам імя Катоўскага, які дзейнічаў на Украіне. Атрадам камандаваў С. Ф. Малікаў. 16 лістапада 1943 года мы далучыліся да партызан, далі клятву і атрымалі зброю. На працягу зімы здзяйснялі рэйды па тылах ворага.

У час адной з сутычак з фашыстамі Марачэўскі быў паранены ў нагу. З вялікімі цяжкасцямі за ноч усё ж дабраўся да сваёй базы. 14 красавіка 1944 года партызанскі атрад імя Катоўскага злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі, і Марачэўскі Іван Пятровіч стаў радавым 635-га стралковага палка 143-й дывізіі. Ён не вельмі любіў узгадваць пра вайну, але на просьбы ўсё ж адклікаўся.

–За што Вы атрымалі ордэн Чырвонай Зоркі?

–За тое, што не ўцякаў,– ні то ўсур’ёз, ні то жартам адказваў Іван Пятровіч.–Нашай вайсковай часці была пастаўлена задача фарсіраваць Заходні Буг. Мы акапаліся на самым пярэднім краі за натуральным земляным валам, адкуль добра было відаць раку. Ледзь толькі замоўкла кананада, як ад ракі высыпала варожая пяхота. Мой напарнік прыціснуў прыклад кулямёта да пляча і націснуў на спуск. СТраляў, пакуль не замоўк кулямёт. Пярэднія шарэнгі ворагаў ці то заляглі, ці палі забітымі. Усталявалася падазроная цішыня. Потым султаны агню і зямлі ўскінуліся недалёка ад нас, асколкі ўразаліся ў ствалы дрэў. Другая спроба ворага адкінуць нас ад ракі захліпнулася. З-за хат вёскі Яблычна зноў забіла артылерыя. Мы ўціснуліся ў зямлю. Артналёт быў кароткім. Немцы зноў пайшлі ў атаку, вораг паліваў наваколле градам куль, а потым паказаліся шэрагі фашыстаў. Пасля артпадрыхтоўкі камандзір нашага ўзвода прыўстаў на калена, махнуў рукой з прызывам ісці ў контратаку–і раптам рэзка нахіліўся і ўпаў у траву ад кулі нямецкага снайпера. Немцы кінуліся на нашы ўмацаванні. Салдаты ўзвода на міг разгубіліся, адбылося замяшанне. У мяне само сабой вырвалася: “Хлопцы, не адступайце! Біце прыцэльным агнём”. Дзве атакі фашыстаў на наш рубеж былі спынены. Потым мы пайшлі ў атаку, фарсіравалі Буг… Я нічога гераічнага не здзейсніў, страляў, як усе… Камандванне палічыла, што пададзены мной загад паспрыяў поспеху, і дало ўзнагароду ордэн Чырвонай Зоркі. Усяго за вайну ганараваны пяццю баявымі ордэнамі.

Асабліва ганарыўся Іван Пятровіч ордэнам Чырвонага Сцяга, які атрымаў на заключным этапе вайны. Немцы ўмацаваліся на адной з берлінскіх вуліц і вялі агонь з буйнакаліберных гармат і фаўстпатронаў па наступаючых чырвонаармейцах. Падалі забітыя і параненыя. Тады пяцёра разведчыкаў, у тым ліку і малады сяржант Марачэўскі, завулкамі прабраліся ў тыл ворага, знялі ахову, узабраліся на другі паверх жылога дома і звязкамі гранат закідалі нямецкія разлікі. Было прыемна атрымаць узнагароду ў пераможаным Берліне.

Перад гэтым І.П. Марачэўскі атрымаў з дому ліст, што, адступаючыя фашысты спалілі родную вёску. Не падчас бою, а проста так. Быў першы парыў–помсціць немцам. Але выхаваны ў вельмі рэлігійнай сям’і, якая жыла па запавеце “даруй крыўдзіцелю”, юнак за спаленую хату помсціць не стаў.

Да снежня 1946 года малодшы сяржант І.П. Марачэўскі з’яўляўся камандзірам аддзялення аўтабазы штаба Савецкай Ваеннай Адміністрацыі Берліна. Дэмабілізаваўся, узнагароды з гімнасцёркі зняў, каб не напаміналі аб жахах вайны, і лічыў, што яны належаць не яму аднаму, а тысячам салдат, якія на сваіх плячах неслі Перамогу.

Пасля вайны Іван Пятровіч уладкаваўся працаваць райфінінспектарам у Свіры, жыў на кватэры ў местачкоўца.

–Аднойчы прыйшоў ў клуб на танцы,–успамінаў Іван Пятровіч.–Было шмат дэмабілізаваных хлопцаў, у якіх на гімнасцёрках блішчэлі баявыя ўзнагароды. Местачковыя дзяўчаты асабліва звярталі ўвагу на ўзнагароджаных дзецюкоў, а я прыйшоў у гімнасцёрцы без узнагарод–і на мяне нуль увагі. А мне вельмі спадабалася маладая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Кажан Фаіна Пятроўна, але яна цікавілася больш паспяховымі вайскоўцамі. У наступную суботу я прыйшоў на танцы з прышпіленымі ордэнамі. Запрасіў на танец Фаіну, і з той хвіліны яна стала маёй сяброўкай, а потым і жонкай.

Пасля Свіры працаваў фінінспектарам у Валожыне. Мірная праца Марачэўскага адзначана ў 1979 годзе Граматай ВС БССР, шматлікімі падзякамі. Разам з жонкай выгадавалі двое дзяцей: сын Уладзімір –палкоўнік Узброеных Сіл РБ, дачка Тамара–завуч мінскай школы.

З мінулага

Марачэўскія паходзяць са старыннага шляхецкага роду герба Клямра (Халева). На гербе ў чырвоным полі два жалезныя клямары вастрыём ў бакі, паміж імі–сярэбраны меч вастыём у ніз. У гебе аб’яднаны інструменты цесля і воіна ў памяць аб смелым цеслі, які паказаў каралю Баляславу Смеламу карацейшую дарогу да ворагаў і дапамагаў яму ў бітве.

Маецца і другая версія паходжання герба, як далёкі продак Марачэўскіх  набыў шляхецтва і герб “Клямра”.

Адбылося гэта ў XVII стагоддзі пры каралі Уладзіславе IV Ваза. Далёкі прашчур Марачэўскіх служыў у абозе князя Свірскага, атрад якога аднойчы трапіў у варожую засаду. Пачалася сеча. Ваярам сталі дапамагаць і абознікі. У ход пайшлі лапаты, багры, кіркі і… клямры, якія меліся на падводах для мацавання перапраў. Марачэўскі з размаху хацеў загнаць клямар у нагу вершніка, але прамахнуўся і загнаў яго ў нагу каню. Конь упаў. Падаспела падмога, вершнік трапіў у палон. Ім аказаўся казацкі атаман. За гэты ўчынак кароль даў Марачэўскаму шляхецтва і прысвоіў герб “Клямра”.

  Фарсіраванне Одэра

Місюк Іосіф Антонавіч нарадзіўся ў 1916 годзе ў вёсцы Нарэйшы ў сялянскай сям’і. Гэта былі цяжкія гады для жыхароў акупаванай тэрыторыі. Немцы сілаю забіралі ў сялян коней, кароў, іншую хатнюю жывёлу, прадукты, фураж, адзенне, абутак, прымушалі выконваць розныя павіннасці. Пасля Першай сусветнай вайны паступова жыццё нармалізавалася, дапамагаў бацьку працаваць на селскай гаспадарцы, абавязковую ваенную службу праходзіў у Войску Польскім (1936–1937). У час фашысцкай акупацыі пражываў у вёсцы Нарэйшы.

Калі Беларусь была вызвалена ад фашыстаў, у 1944 годзе дабраахвотнікам пайшоў на фронт. Служыў у Войску Польскім. Баявы шлях пачаў ад Варшавы. Удзельнічаў у фарсіраванні ракі Одэр, апошняй буйнейшай воднай перашкоды на шляху да Берліна. Гітлераўская прапаганда называла Одэр ”ракой германскага лёсу”.

Асабліва мне запомнілася фарсіраванне Одэра,–успамінаў Іосіф Антонавіч.– Рака Одэр вельмі шырокая, дасягае да 100 метраў, глыбіня да 3,5 метры. цячэнне хуткае, імклівае, па рацэ плыў шчыльны шарон–прадвеснік лёдастава– а ўздоўж берагоў цягнулася цененькая скарыначка ільду. Заходні бераг значна вышэйшы ўсходняга і круты, на ім нямецкае камандаванне ўзвяло абарончую сітэму траншэй, дотаў дзотаў.

Немцы прымалі ўсе намаганні, каб на Одэры астанавіць наша наступленне. Смела і ўпэўнена дзейнічалі нашы салдаты пры фарсіраванні Одэра. 25 студзеня 1945 года яны ў ліку першых пераправілася цераз раку на поўдзень ад горада Штэйнаў і вялі  баі за расшырэнне плацдарма. Мне было загадана забяспечыць надзейную сувязь з высаджаным на другім беразе Одэра дэсантам. З заданнем я справіўся

Удзельчаў пры штурме Берліна, з баямі дайшоў да Эльбы. Усе гарады і мястэчкі даваліся цяжка, ніводзін не здаўся без бою, кожны хутар быў умацаваны, як маленькая крэпасць.

         Меў ўзнагароды “За адвагу”, За ўзяцце Берлина”, “ За перамогу над Германией у ВАВ 1941-1945гг”,

Пасля вайны працаваў свінаром. За старанную працу ганараваны медалём «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна»  “Ветэран працы”.З жонкай Станіславай Завельскіх выгадаваў трое дзяЦей: Івана, Мечыслава і дачку Гэлену. Памёр у 1994 годзе.

    Камандзір эскадрона Ч А

Місюк Фэлікс Іосіфавіч (1898–1973) нарадзіўся ў вёсцы Нарэйшы, чатыры гады наведваў Куцькаўскую школу. У 1912 годзе ў 14-гадовым узросце ў пошуку заробкаў і лепшай долі выехаў у Пецярбург, уладкаваўся рознарабочым на Пуцілаўскім заводзе. Тут ён далучыўся да рэвалюцыйнага руху. У час грамадзянскай вайны камандаваў эскадронам Чырвонай Арміі, чуў некалькі выступленняў У.І. Леніна, з’яўляўся пазаштатным рабкарам газет, у якіх змяшчаў допісы, успаміны аб падзеях Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Займаўся самаадукацыяй, экстэрнам закончыў 7 класаў. У 1934 годзе скончыў Мінскі тэхналагічны тэхнікум і працаваў на Мінскім заводзе імя Кірава майстрам АТК.

У час ВАВ быў партызанскім сувязным, а потым партызанам брыгады імя газеты "Правда", які дзейнічаў на акупаванай фашыстамі тэрыторыіі Чэрвеньскага раёна пад кіраўніцтвам камандзіра брыгады С. Т. Кузняцова, прымаў удзел у баявых аперацыях на шашы Мінск–Чэрвень. Персанальны пенсіянер.

Ад шлюбу з Надзеяй Палікарпаўнай, харысткай Мінскага тэатра оперы і балета, нарадзілася дачка Галіна, будучая заслужаная артыстка Беларусі.

   «Бог вайны»              

         Папель Іосіф Андрэевіч нарадзіўся 8 студзеня 1910 года ў вёсцы Нарэйшы Свенцянскага ўезда Віленскай губерні (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці) у сям’і селяніна –аднаасобніка, працаваў на сельскай гаспадарцы. Абавязковую ваенную службу праходзіў у Польскім Войску ў 1930-31 гадах. 15кастрычніка 1944 годзе быў мабілізаваны ў Войска Польскае, пасля кароткатэрміновай падрыхтоўкі служыў у артылерыі. Пра  адзін з баёў успамінаў :

Мы ішлі на Берлін. Кожны населены пункт быў умацаваны, дарогі былі замініраваны, мясцовасць перакапана супрацьтанкавымі ірвамі. Але нішто не змагло нас спыніць. Атаку пачала авіяцыя, затым па ўмоўнаму сігналу ўдарыла наша цяжкая артылерыя. Фашысты адказалі шквальным агнём. Пачалося сапраўднае пекла. Камандзір, жадаючы падтрымаць баявы дух, прыбыў на перадавую: “Сынкі, родненькія, дайце агню! Нельга дапусціць контратакі!” І мы не падвялі. «Бог вайны» зрабіў сваю справу. Вораг быў выбіты з перадавых пазіцый.

         У час бою пры ўзяцці Берліна быў кантужаны. Вестку аб перамозе ўчуў у шпіталі. Дэмабілізаваўся 25 лістапада1945 года. Меў медалі “За адвагу”, “За ўзяцце Берліна", ” За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»” і 5 юбілейных медалёў.

         Пасля вайны працаваў па вярбоўцы на адбудове разбуранага Мінска, потым ў мясцовым калгасе паляводам. Памёр у 1973 годзе.

З жонкай Галенай з Місюкоў выгадаваў дачку Лілю, якая працуе медсястрой у к.п. Нарач.

  Сустрэча на Эльбе з саюзнікамі.

         Папель Эдуард Іосіфавіч нарадзіўся 3 чэрвеня 1929 года ў вёсцы Нарэйшы ў сям’і селяніна. Баявы шлях пачаў у снежні 1944 года. Служыў ротным кулямётчыкам. Вось яго кароткі аповед пра ўдзел у вайне.

–Баявы шлях пачаў з горада Варшавы, удзельнічаў пры яе вызваленні. Потым былі Дойчкрон, Вроцлаў. Каля Меркэшфрыленда на аэрадроме мяне раніла, ляжаў у шпіталі. Прымаў удзел у баях ля горада Каменя. Бой адбываўся ля самага мора. Шмат нашых хлопцаў загінула: некаторыя былі забітыя, а многія раненыя не змаглі ўратавацца плаваннем–утапіліся. Пасля фарсіравання Одэра трапіў у Берлін. Тут баі ішлі за кожны квартал, за кожную вуліцу. Адна нямецкая дзяўчына гадоў 16 сядзела на 8 паверсе дома і, паставіўшы на стол кулямёт, страчыла па нашых. Мы ехалі па вуліцы Берліна, стоячы на крыллях танка. Яна абстраляла і наш танк. Загінулі 4 хлопцы. Потым мы забраліся на 8 паверх, схапілі яе і скінулі па сходках.

         2-ое мая ў Берліне адлюстравалася ў памяці суцэльнымі белымі флагамі, якія звісалі са шматлікіх вокнаў шматпавярховых будынкаў. Пасля капітуляцыі мы стомленыя, але радасныя з задавальненнем, строем хадзілі па старажытных брукаваных “штрасэ” з асэнсаваннем поўнай перамогі над ворагам. Была сустрэча на рацэ Эльбе з саюзнікамі. Мы не разумелі іхняй мовы, а яны нашай. Калі прывялі перакладальніка, тады з імі завязалася размова, сталі абменьваца сувенірамі.

         Меў узнагароды: “За вызваленне Варшавы”, “ За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг” і 8 юбілейных медалёў. Пасведчанне ветэрана № 973986. Ён меў цудоўны голас, у арміі быў запявалам. Любіў спяваць ваенныя і беларускія народныя песні.

         З жонкай Станіславай Андрэеўнай выхавалі трое дзяцей: Фрыда прадавец вясковай крамы, Эдуард шафёр у Вільнюсе, Рэгіна медсястра клінікі ў Мінску.

Разведчыца

Печкурова Галіна Ягораўна (Цярэня) нарадзілася ў 1923 годзе ў вёсцы Аўсеева Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. У гэтым жа населеным пункце прайшло яе маленства, тут закончыла сямігодку і паступіла на вучобу ў Смальянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе да вайны паспела скончыць толькі два курсы. Пачалася вайна, якая перакрэсліла ўсе мары і спадзяванні васемнаццацігадовай Галіны.

З 1942 года дзяўчына–сувязная атрада імя Заслонава. У гэтым жа годзе выйшла замуж. Кожны раз, рызыкуючы сваім жыццём і жыццём маленькага сына, перадавала данясенні атрада ў Багушэўск, а ўвосень 1943 годзе пакінула сына з бабуляй, а сама стала партызанкай 3-га атрада 16-ай Смаленскай брыгады, дзе ўжо змагаўся яе муж Павел Радзіёнавіч.

         Адразу гатавала ежу, мыла і шыла адзенне, даглядала раненых. Аднак ёй хацелася пастаянна нечага больш значнага. Вось і прасілася на заданні. Дзяўчына нараўне з хлопцамі хадзіла ў разведку, на баявыя заданні, неаднаразова была побач са смерцю. Хадзіла на чыгунку падрываць нямецкія саставы. Першая дыверсія з-за моцнай аховы аказалася няўдалай. Затое наступныя паходы, у тым ліку і на 8 сакавіка, прайшлі даволі паспяхова: пад адхон паляцелі варожыя цягнікі.

         У сакавіку 1944 года брыгада трапіла ў акружэнне. І пачалося самае страшнае: голад, холад, “псіхічныя атакі”, рукапашныя баі, раненні, адступленні і спробы любой цаной вырвацца са сціснутага кальца. Толькі ў канцы мая ўдалося выйсці з акружэння. Брыгада, у якой змагаліся Печкуровы, дайшла з баямі да Свіра і ў канцы ліпеня 1944 года была расфарміравана.

         Пра мужнасць і гераізм жанчыны гавораць яе ўзнагароды. Сярод іх–ордэн Айчыннай вайны II ступені, медаль Жукава, якім ганаравалі за адвагу і асабістую мужнасць, праяўленую ў баявых дзеяннях, медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, многія юбілейныя медалі.

         Пасля вайны засталіся жыць на Свіршчыне. Галіна Ягораўна працавала настаўніцай пачатковых класаў Свірскай СШ, потым Вішнеўскай дзесяцігодкі. У 1949 годзе закончыла педвучылішча, у 1969 годзе– факультэт рускай мовы і літаратуры Мінскага педінстытута імя М. Горкага (завочна). Калі мужа перавялі на пасаду дырэктара Канстанцінаўскай школы, паехала за ім. З 1955 года і да выхаду на пенсію ў 1983 годзе выкладала ў Канстанцінаўскай школе рускую мову і літаратуру. За плённую працу ўзнагароджана трыма Ганаровымі граматамі, медаллю “Ветэран працы”.

         Выгадавала Галіна Ягораўна трох сыноў. Старэйшы Генадзій жыве ў Мядзеле, сярэдні Аляксандр—у Вільнюсе, а малодшы Валерый—у Карэліі. Мае чатырох унукаў, дзвюх унучак, трох праўнукаў і дзвюх праўнучак

         Хоць кажуць, што ў вайны не жаночы твар, але разам з мужчынамі набліжалі светлы май 1945-га і прадстаўніцы слабай паловы чалавецтва. З пяшчотай і любоўю ўспамінае яна людзей, з якімі дзяліла ваенныя вы­прабаванні: хадзіла на баявыя заданні, прарывалася з акружэння. Галіна Ягораўна пераканана, што недарэмна ваявала і яна сама, і іншыя людзі. Бо толькі дзякуючы агульным намаганням наша краіна стала свабоднай. Пры сустрэчах са школьнікамі і моладззю: яна дае наказ любіць і шанаваць Бацькаўшчыну, быць пераемнікамі слаўных традыцый дзядоў і бацькоў і ў выпадку неабходнасці стаць на абарону сваёй Радзімы.

        

  Печкуроў Павел Радзівонавіч

Печкуроў Павел Радзівонавіч нарадзіўся ў  1918 годзе ў вёсцы Аўсеева Сідарнечанскага сельсавета Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. У гэтым жа населеным пункце прайшло яго маленства, тут закончыў сямігодку і паступіў на вучобу ў Віцебскі педінстытут, дзе да вайны паспеў скончыць 3 курсы і працаваў завучам у школе вёскі Стайкі Калочненскага сельсавета.

–22 чэрвеня 1941 года ў 12 гадзін дня разнеслася страшн вестка аб нападзе фашысцкай Германіі на нашу краіну. Вайна – гэта боль, гэта мукі ўсяго народа, гэта смерць. Я зразумеў, што закончылася мірная праца, прыдзецца брацца за зброю, –успамінаў Павел Радзівонавіч.   

   З 1942 годзе пайшоў у партызаны, ваяваў шараговым 3-га партызанскага атрада імя Заслонава 16-ай Смаленскай брыгады на Вушаччыне. Прымаў удзел у прарыве блакады нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які здзейснілі беларускія партызаны Полацка-Лепельскага злучэння ў ноч з 4 на 5 мая 1944 года. Зараз тут узведзен мемарыяльны комплекс «Прарыў», які адкрыты 30 чэрвеня 1974 года ў гонар подзвігу партызан  Полацка-Лепельскай партызанскай зоны (скульптар А. Анікейчык, архітэктары Ю. Градаў, Л. Левін). Выкананы з бетону, бронзы, вышыня скульптуры 9 м.

Быў ганараваны ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі "Партызану Айчыннай вайны", “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг”,  і 7 юбілейнымі медалямі.

У 1946 годзе разам з жонкай пешшу прыйшлі на Свіршчыну, дзе Печкурова Паўла Радзівонавіча прызначылі дырэктарам Свірскай школы і настаўнікам гісторыі, потым працаваў дырэктарам Вішнеўскай школы і з 1955 года да выхаду на пенсію ўзначальваў  Канстнцінаўскую васьмігодку. Завочна закончыў Мінскі педінстытут імя Горкага.

Быў лектарам таварыства “Веды”, кіраваў гуртком палітасветы, узначальваў групу дзяржпарткантролю. Атрымаў медаль “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І.Леніна”.

 З жонкай Галінай Ягораўнай выгадавалі трох сыноў: Аляксандра, Валерыя і Геннадзія.

  Штурм ”горада-крэпасці”

Позныш Віктар Фэліксавіч нарадзіўся 18.снежня.1925 года ў вёсцы Куцькі, скончыў пяць класаў Куцькаўскай польскай пачатковай школы, працаваў на гаспадарцы. 25 ліпеня 1944 годзе добраахвотна праз Віленскі гарваенкамат пайшоў у Войска Польскае. З Вільні добраахвотнікаў перавезлі ў Беласток і пасялілі ў зямлянках. Тут Віктар Фэліксавіч захварэў на тыф і 50 дзён праляжаў у шпіталі. Адтуль перавялі ў вайсковую частку, дзе прызначылі стралком-зенітчыкам 12-га пяхотнага палка 4-й дывізіі 1-га Беларускага фронту, якім камандаваў Г.К. Жукаў. З Варшавы, дзе фармаваўся полк, асабовы састаў перавезлі ў Германію. Забяспячэнне было кепскае, харчаваліся трафейнымі запасамі. Вайсковай справе не вучылі, толькі перад самым боем паказалі, як страляць з зеніткі. Прымаў удзел у баях за Беласток, Брэшаў, Варшаву, Пружкова, Кёнігсберг.

Перад 1-й арміяй Войска Польскага стаяла асобая задача: фарсіраваць Одэр–апошнюю перашкоду на дарозе да Берліна. Нам супрацьстаяла нямецкая група армій ”Вісла”. Гітлер аб’явіў горад Кольберг”горадам-крэпасцю”, адным з тых, якія павінны абараняцца да апошняга патрона і да апошняга салдата

–У пачатку красавіка,– успамінаў Віктар Фэліксавіч,– савецкія танкі ўвайшлі ў прадмесце горада Кольберга, штурмавікі бамбілі горад. Чырвонаармейцы захапілі воданапорную вежу, горад застаўся без вады. 5 красавіка прывялі на пазіцыю цяжкую артылерыю, якая 2 тыдні абстрэльвала горад. 8 сакавіка Жукаў даў загад польскай арміі перайсці праз савецкія баявыя парадкі і ўзяць штурмам Кольберг. Немцы з вялікім упорствам абаранялі кожную вуліцу, кожны дом. Калі націск на горад моцна ўсіліўся і была блізкай капітуляцыя, немцы стрымалі штурм, бо па наступаючых нашых салдатах адкрылі агонь цяжкія карабельныя пушкі эскадраных мінаносцў, якя стаялі на рэйдзе. Яны размялі ўсе нашы батарэі і пазіцыі. Наступленне было астаноўлена. На дапамогу падаспелі польскія бамбардзіроўшчыкі, якія сталі бамбіць цэнтр горада і караблі. Нашы пушкі наступную ноч і дзень абстрэльвалі горад і порт. На 17 сакавіка ўчастак тэрыторыі, які ўтрымлівалі немцы, вельмі звузіўся. Нямецкія салдаты, адстрэльваючыся, пайшлі да лодак, якія потым іх даставілі да вялікіх караблёў. 18 сакавіка пляж і мол былі пакінуты Кольберг гарэў па ўсёй плошчы.

Пры вызваленні Кольберга Позныш Віктар Фэліксавіч быў моцна паранены  і эвакуіраваны ў шпіталь.

–Да раненых у шпіталь ,–успамінаў Віктар Фэліксавіч,– прыходзілі дзеці і ставілі канцэрты, прыносілі падарункі. На свята  9-га мая з нагоды перамогі нам выдалі па 100 грам гарэлкі і па шакаладцы.

У ліпені 1945 года вярнуўся дадому. Мірнае жыццё пачалося з будаўніцтва хаты, бо адступаючыя немцы вёску спалілі. Пасля вайны працаваў жывёлаводам, атрымоўваў падзякі, прэміі, выгадаваў сына і  дзвюх дочак: Аляксандар майстар Свірскага СПТВ 207, Галіна рабочая г. Вільнюс, Валя-гандляр у г. Паставы.

   Кавалерыст-кулямётчык

Нарадзіўся Позныш Зыгмант Мацеевіч 2 сакавіка 1921 года ў вёсцы Куцькі (Камарова) Мядзельскага раёна. Скончыў 4 класы Куцькаўскай школы. Два гады служыў у камароўскай пані Старжынскай Марыі агароднікам. За заробленыя грошы вывучыўся ў майстры Спегляніна з мястэчка Свіра на краўца (1938-1939). З 1944 па 1945 год ваяваў шараговым кавалерыстам-кулямётчыкам у саставе Войска Польскага ў 2-м кавалерыйскім палку 1-й Варшаўскай дывізіі, пасведчанне №973982.

Зыгмант Мацеевіч успамінаў:

–Я служыў у кавалерыі. Прымаў удзел у штурме многіх гарадоў. Апошні бой быў пад Графенбургам. Берлін быў акружаны. Ішоў штурм рэйстага. Мы размясціліся ля Берліна, кармілі коней, папраўлялі збрую. На вячэрняй паверцы нам аб’явілі, што немцы ў Берліне капітуліравалі. Радасць была бясконцая, усюды чуўся смех, песні. На другі дзень нечакана аб’явілі баявую трывогу. Полк пачаў спешна рухацца з Берліна на захад. Да поўначы мы прайшлі больш 100 км, праследуючы групу гестапаўцаў у некалькі тысяч чалавек, якая рухалася ў накірунку Эльбы. На другі дзень 7-га мая завязаўся бой, але немцы паспелі перабрацца на другі бок ракі і ўзарвалі мост. Наш пантонны мост разбамбілі. Прыйшлося на тры кіламетры ніжэй рабіць новы мост, праз які памчала наша конніца. Ноччу ўварваліся ў горад Графенбург, але немцаў там ужо не было, яны пакінулі горад і схаваліся ў лесе. Пачалася аблава. Многія здаліся ў палон, было шмат забітых і раненых. Групоўка перастала існаваць.

 За вайну атрымаў 7 польскіх медалёў і ўзнагароды:" За ўзяцце Берліна","За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг." і 4 юбілейныя медалі.

Пасля дэмабілізацыі працаваў паляводам, будаўніком, жывёлаводам. Ударнік камуністычнай працы, ганараваны знакам”Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”

Выгадаваў двух сыноў: Іван трагічна загінуў у аўтамабільнай аварыі, Франц–рабочы, жыве ў Мінску.

   Палітрук атрада “ Слава ”

Нарадзіўся Пронька Якаў Аляксандравіч у 1912 годзе ў вёсцы Казічы Пастаўскага раёна. У 1932 годзе ўступіў ў КПЗБ, стаў займацца падпольнай работай. У 1939 годзе скончыў настаўніцкія курсы і працаваў настаўнікам. Пачалася вайна. У канцы чэрвеня 1941 года разам з савецкім і партыйным актывам Пастаўскага раёна пакінуў родныя мясціны, бо заставацца было небяспечна. 1 ліпеня 1941 года ў вёсцы Баравуха бліз Полацка ад Вілейскага абкама партыі атрымалі заданне падабраць групу надзейных людзей і вярнуцца ў Пастаўскі раён для арганізацыі партызанскай барацьбы. У скорасці такая група была створана, у якой быў і родны брат Якава Сяргей Пронька. Падпольшчыкі стварылі атрад імя Суворава, які дзейнічаў у Нарачанскім краі. Якаў Аляксандравіч быў прызначаны палітруком атрада “ Слава ”, потым камандзірам узвода.

 Пасля вайны Пронька Якаў Аляксандравіч знаходзіўся на камсамольскай і партыйнай рабоце ў Свірскім раёне, потым намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Свірскага СПТВ-17, старшынёй калгаса, дырэктарам саўгаса “ Свір “.

         Меў узнагароды: ордэн Чырвонага Сцяга, ордэн Айчыннай вайны 1 ступені, медалі  “ За адвагу “, “ Партызану Айчыннай вайны  1 ступені” два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, Грамату Вярхоўнага Савета БССР, 12 юбілейных медалёў, выбраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

  Асабісты кравец маршала дзвюх дзяржаў.

Руды Адам Зыгмантавіч (1922-2005) з вёскі Варашылкі пасля заканчэння Куцькаўскай паўшэхнай (агульнаадукацыйнай) школы ўладкаваўся вучнем да хвалёнага мясцовага краўца Эйнаровіча. Кемлівы хлопец хутка асвоіў кравецкую справу і стаў працаваць “вандроўным” краўцом. Была такая форма паслуг, калі кравец жыў на кватэры і харчаваўся ў заказчыка, дзе шыў адзенне ўсім членам сям’і. Калі пачалася вайна, Адама Зыгмантавіча прызвалі ў армію. Пасля дэмабілізацыі з Войска Польскага ў Варшаве сустрэў дзяўчыну, ажаніўся і стаў жыць у яе бацькоў у Новым Двары ля Варшавы. З часам у сталіцы адкрыў прыватную швейную майстэрню. Пра таленавітага краўца з Беларусі стала шырока вядома ў Варшаве.

–Аднойчы прыходзіць да мяне ад’ютант міністра нацыянальнай абароны Польшчы дамовіцца, каб я пашыў ваенную форму Ракасоўскаму К.К,–успамінаў Адам Зыгмантавіч.

–Я згадзіўся. Праз некалькі дзён з’явіўся ў майстэрню двойчы Герой Савецкага Саюза Ракасоўскі К .К. На грудзях яго зіхацела сем ордэнаў Леніна, шэсць оддэнаў Чырвонага Сцяга, ордэн Перамогі і звярнуўся да мяне:”Здыміце мерку”. Я зняў. Калі прыйшоў па заказ, адзеў новую форму, пахваліў работу, перашпіліў узнагароды на новы кіцель, шчодра заплаціў і ў новай форме пайшоў з майстэрні, а старую пакінуў мне як сувенір. Прыносіў потым мне шыць і другое адзенне.

   Усціновіч Франц Юльянавіч

         Усціновіч Франц Юльянавіч нарадзіўся 16 ліпеня 1917  года ў вёсцы Куркулі, скончыў 4 класы Куцькаўскай школы, працаваў з бацькам на сельскай гаспадарцы. У 1937-1938 гадах праходзіў абавязковую воінскую службу ў Войску Польскім. У 1944 годзе дабраахвотнікам пайшоў у армію , служыў у Войску Польскім, браў удзел у вызваленні Варшавы, фарсіравані ракі  Одэр. Ганараваны медалямі “За адвагу”, “За вызваленне Варшавы”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945гг”. Пасля дэмабілізацыі ажаніўся  з Дрозд Вандай з вёскі Януковічы і перашоў жыць на дом да яе, працаваў у калгасе, выгадавалі дзвюх дачок.

    Ездавы  кавалерыі

Харкевіч Іван Вікенцевіч (20 06 1908–14. 12.1988) нарадзіўся ў вёсцы Заборцы Астравецкага  раёна Гродненскай вобласці. З малых гадоў працаваў парабкам у пані Марыі Старжынскай у Камарове, потым малатабойцам, дзе засвоіў азы кавальскай справы. У сакавіку 1941 года прызвалі на ваенныя зборы, якія праходзіўу мястэчку Галынка. 22 чэрвеня пачалася вайна, іх вайсковую частку разбілі, Іван Вікенцевіч вярнуўся дадому.

У 1944 годзе прызвалі Івана Вікенцевіча ў армію. Пачаў вайну ў Беластоку ў 120 стралковым палку 1-га Беларускага фронта. Служыў ездавым у кавалерыі, быў паранены:  кулявое раненне ў пальцы. Ваяваць закончыў у Берліне. Мае ўзнагароды:”За ўзяцце Берліна”, “За адвагу”, “За вызваленне Варшавы”, “За перамогу над Германіяй у ВАВ 1941-1945гг”, ”50 гадоў Узброеных Сіл”, пяць юбілейных медалёў”.

З боллю ўспамінаў , як фашысты бамбілі лагер №143, у якім знаходзіліся палонныя рускія воіны. Палонныя былі галодныя: фрыцы вельмі жорстка адносіліся да іх, яны з вялікай радасцю і слязьмі пакідалі баракі.

Пасля вайны працаваў кавалём у Свірскай МТС, потым у саўгасе “Канстанцінава”, меў шмат падзяк, прэмій, мае медалі ”За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.леніна” і  “Ветэран працы”.  Выгадаваў трое дзяцей: дачка Аліна–стаматолаг, Іван і Ірына–інжынеры.

Член КПСС.

   Член Французскага Супраціўлення

         Янцэвіч Уладыслаў Міхайлавіч нарадзіўся ў 1911 годзе ў вёсцы Няверавічы Шэметаўскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні      (зараз  Мядзельскі раён) , скончыў у 1925 годзе чатыры класы Сырмежскай польскай школы , у 1933-34 гадах адслужыў стралком у Польскім Войску. У яго былі два браты: Юзюк і Эдвард, а зямлі няшмат. Пагэтаму Уладыслаў у 1936 годзе выехаў у Францыю на зарабаткі, каб за заробленыя грошы набыць зямлю. 10 мая 1940 года нямецка-фашысцкія войскі распачалі вайну супраць Францыі, якая 22 чэрвеня 1940 года капітулявала. Акупацыйны рэжым лёг цяжкім ярмом, як на французаў, так і эмігрантаў. Расло сярод народа незадавальненне нямецкім “ новым парадкам”.

         З першых дзён германскай акупацыі ў Францыі узнік «Рух Супраціўлення», які ў пачатку ліпеня 1941 года аб'яднаўся ў Нацыянальны Фронт, які ставіў перад сабой мэту вызваліць Францыю ад германскіх захопнікаў. У маі 1943 года быў створаны Нацыянальны Савет Супраціўлення, які аб'яднаў усе антыгерманскія сілы Францыі. У краіне разгарнулася ўзброеная барацьба супраць акупантаў атрадаў франціераў (вольныя стралкі) і партызан. У пачатку 1944 года арганізацыі французскіх патрыётаў аб'ядналіся ў “Французскія Ўнутраныя Сілы” у колькасці 500 000 чалавек, якія актыўна змагаліся за свабоду Францыі.

         15 красавіка 1944 года Янцэвіч У. М. уступіў у ваенную арганізацыю руху Супраціўлення (псеўданім “Фаў”). Ён са зброяй у руках удзельнічаў у Парыжскім паўстанні, якое 19 жніўня 1944 года да прыходу саюзніцкіх войскаў вызваліла Парыж.

          Гады фашысцкай акупацыі разбурылі эканоміку Францыі, заробкі сталі нізкімі і Янцэвіч У.М. у 1947 годзе вярнуўся на радзіму, уладкаваўся працаваць рабочым на Канстанцінаўскім смолзаводзе, дзе працаваў да пенсіі.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.